З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ І ПА́РТЫЙ Адбыўся 21—23.7.1917 у Мінску. Скліканы Беларускім нацыянальным камітэтам

(БНК) па ініцыятыве Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Прысутнічала каля 50 дэлегатаў. Асн. пытанне — нацыянальнае. Большасць дэлегатаў выказалася за паліт. аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. З’езд паслаў прывітальную тэлеграму Цэнтр. укр. радзе. Сярод дэлегатаў намецілася размежаванне паміж прадстаўнікамі БСГ і Беларускай народнай партыі сацыялістаў па пытанні выбараў новага прадстаўнічага органа бел. арг-цый. У выніку выбараў прадстаўнікі БСГ атрымалі большасць. Замест БНК абраны Выканаўчы к-т Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый [У.Галубок, Я.Лёсік, А.Лявіцкі (Ядвігін Ш.),

А.Смоліч, У.Фальскі], да якой перайшло кіраўніцтва бел. нац. рухам. Дэлегаты выказалі пратэст супраць прэтэнзій Польскай дзярж. рады на бел. землі. Прыняты рэзалюцыі аб дапамозе бел. бежанцам, стварэнні арг. бюро беларусаў-вайскоўцаў. З’езд пастанавіў стварыць фонд і паскорыць адкрыццё ў Беларусі ун-та і с.-г. ін-та; даручыў упаўнаважаным у Петраградзе хадайнічаць перад Мін-вам нар. асветы аб асігнаваннях на выданне бел. падручнікаў.

В.Г.Мазец.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)